ЧАРНІ́ГАЎСКІ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры 11—19 ст. у г. Чарнігаў. Упершыню згадваецца ў 1036. Буд-ва пачата пры кн. Мсціславе Уладзіміравічу Храбрым (тут і пахаваны). Узведзены з каменю і цэглы ў тэхніцы мяшанай муроўкі. План будынка перакошаны. Храм 3-нефавы 5-купальны. У 18 ст. на месцы разабраных старых прыбудоў узвялі паўд. вежу і надбудавалі паўн., у 19 ст. прыбудаваны прытвор, нанова размаляваны інтэр’ер; сабор цалкам рэстаўрыраваны. У муроўцы скляпенняў выяўлены галаснікі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак 11 ст. Іканастас 1793—98 (арх. І.​Ясныгін, рэзчыкі С.​Валошчанка, С.​Белапольскі, жывапісец Г.​Мызко). У 1926 каля сабора адкрыты падмуркі 2 капліц.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Чарнігаўскі Спаса-Праабражэнскі сабор.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)